7


  • Учителю
  • Урок беларускай літаратуры. Зямля мая - зялёны дом. (“Экалагічная тэма ў творах беларускіх пісьменнікаў”.)

Урок беларускай літаратуры. Зямля мая - зялёны дом. (“Экалагічная тэма ў творах беларускіх пісьменнікаў”.)

Автор публикации:
Дата публикации:
Краткое описание:
предварительный просмотр материала

ДЗЯРЖАЎНАЯ ЎСТАНОВА АДУКАЦЫІ

"СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА №7 Г.БАРЫСАВА"









"Зямля мая - зялёны дом"




Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Саколіна Марына Аляксандраўна






















2015г.


Тэма ўрока: Зямля мая - зялёны дом.

( "Экалагічная тэма ў творах беларускіх пісьменнікаў".)


Мэта ўрока: мяркуецца, што напрыканцы ўрока вучні павінны абагульніць і паглыбіць свае веды па экалагічнай тэме па творах беларускіх пісьменнікаў.

Задачы ўрока:

  • стварыць ўмовы для абагульнення і паглыблення ведаў вучняў па экалагічнай тэме;

  • развіваць ўменне аналізу твораў, здольнасці вучняў да эстэтычнага ўспрымання твораў экалагічнай тэматыкі ;

  • развіваць вуснае маўленне, аналітычнае мысленне вучняў, іх творчае ўяўленне;

  • фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю школьнікаў у дачыненні аховы прыроды;

  • выхоўваць этыку зносінаў, культуру маўлення.

Месца ўрока ў вывучаемай тэме: 9

Тып урока: камбінаваны

Вучэбна - дыдактычнае забеспячэнне ўрока і сродкі навучання: падручнік «Беларуская літаратура» 6 клас, сшыткі, вучнёўскія малюнкі, фаназапіс мелодый аб прыродзе, дыдактычныя карты,праекты, заклікі вучняў у абарону прыроды.

Выкарыстаныя прыёмы, формы навучання: калектыўная, групавая, індывідуальная работа; чытанне, гутарка, творчы каментарый, рэпрадуктыўна - прадуктыўная работа з тэкстамі, ілюстрацыямі, самастойная творчая работа.

Слоўнік:

Глабальныя праблемы - праблемы, якія ахопліваюць увесь зямны шар, усеагульныя.

Гуманізм - чалавечнасць у грамадскай дзейнасці, у адносінах да людзей, да ўсяго жывога.

Нашчадкі - тыя, хто атрымлівае спадчыну, спадкуе пасля каго-небудзь.

Праект - папярэдні тэкст якога-небудзь дакумента.

Цывілізацыя - сусветная культура.

Ход урока.

Трэба нам і захады і меры,

Каб між светлых беларускіх рос

Зноў расцвіў чаравічок венерын

І званочак сіні ў лесе рос.

Пімен Панчанка.

  1. Індукцыя.

(Гучыць фаназапіс мелодыі птушынага спеву)

Настаўнік пачынае ўрок радкамі з верша «Зямля мая...» Сяргея Грахоўскага:

Зямля мая,

ты для мяне-як дзівы,

Як першы дотык любае рукі,

Як у спякоту млосную ільдзінка,

Як на кашулі белай васількі.

Мне б толькі быць з табой-

ну, хоць бы верасам,

Расінкай,

што пад промнямі дрыжыць.

Ты пражывеш і без мяне,

я ведаю,

А мне ніколі без цябе не жыць.


(Пытанні вучням)

Якія думкі і пачуцці выкліае ў вас экалагічная тэма?

Чым важная ў наш час гэтая размова?


Паведамленне вучаніцы (індывідуальнае дамашняе заданне)

З гісторыі ўзнікнення Чырвонай кнігі.


Пачалося 21 стагоддзе, якое акрамя ўсяго іншага, прынесла з сабой 7 глабальных праблем* (яны запісаны на дошцы з левага боку; са словамі ці словазлучэннямі, пазначанымі зорачкай, праводзіцца слоўнікавая работа):

1. Тэхналагічную (забруджванне паветра, вады, глебы).

2. Дэмаграфічную (магчымасць Зямлі-вытрымаць 12 млрд. чал., цяпер пражывае ў 2 разы менш).

3. Экалагічную (спажывецкія адносіны да прыроды).

4.Інфармацыйную (паток інфармацыі перавышае магчымасці чалавека яе засвойваць).

5. Дынамічную (адставанне грамадскай свядомасці ад глабальных праблем; меркантыльнасць).

6. Светапоглядную (пераацэнка каштоўнасцей).

  1. Маральную (паслядоўнае зніжэнне ўзроўню агульнай культуры чалавецтва).

Каб не страціць сваёй планеты, зямляне павінны неадкладна вырашыць гэтыя праблемы.

Мы ўжо сёння з вамі можам удзельнічаць у вырашэнні адной з іх-экалагічнай.

Зачытваецца эпіграф да ўрока.

Найбліжэйшая задача-выпрацаваць праект* праграмы абароны і захавання прыроды нашай планеты для нашчадкаў*. У вучняў ёсць жыццёвы вопыт і веды, якія яны набылі на ўроках літаратуры пры вывучэнні твораў на экалагічную тэму. Школьнікі павінны ўзгадаць творы «Сармацкае кадзіла» Пімена Панчанкі, «Стары бабёр» Алеся Жука і «Алені» Івана Пташнікава.

2) Самаканструкцыя.

Кожны з вучняў зрабіў выбар на папярэднім уроку, якая з прапанаваных праблем яму здаецца найбольш значнай, і спрабуе знайсці яе вырашэнне. (Школьнікі рассаджаны за сталы з шыльдамі, на якіх напісаны прапанаваныя тэмы.На сталах ляжаць дыдактычныя карты з заданнямі. Кожны вучань выбірае на дыдактычнай карце тое пытанне, на якое можа і хоча адказаць. Усе астатнія ўважліва слухаюць і дапаўняюць.)


Дыдактычная карта

Дадатак 1.

Па старонках Чырвонай кнігі

  1. З верша «Сармацкае кадзіла» П. Панчанкі прыгадайце назвы раслін, унесеных у Чырвоную кнігу, паразважайце, адкуль і як маглі ўзнікнуць гэтыя назвы?

  2. Што трывожыць аўтара верша? Пра што ён шкадуе?

  3. Як можна выратаваць і захаваць прыродную спадчыну?


Дыдактычная карта

Дадатак 2.

Непаўторны свет прыроды

  1. Успомніце, як у апавяданні «Стары бабёр» аўтар абмаляваў характар клапатлівага гаспадара бабровага сямейства, яго трывогу, перажыванні і адказнасць за будучыню сям'і?

  2. Хто вінаваты ў тым, што не стала ў жыцці баброў спакою?

  3. Растлумачце радкі: «Стары бабёр хацеў вярнуцца назад, дзе было так вольна і шчасліва. А там, дзе вольна, здавалася, што і сіла будзе другая, і другое будзе здароўе, і там ён будзе жыць вечна».

  4. У апавяданні аўтар шмат месца адводзіць апісанню прыроды. З якой мэтай ён гэта робіць?


Дыдактычная карта

Дадатак 3.

Узаемаадносіны чалавека і прыроды

  1. Успомніце апавяданне «Алені» Івана Пташнікава. Якая трагедыя здарылася з Рагатым? Ці ёсць апраўданне людзям у забойстве аленя?

  2. Якую галоўную думку выказаў пісьменнік у творы?

  3. Хто ў творы выяўляе гуманныя адносіны да прыроды?

  4. Як можна ахарактарызаваць адносіны да прыроды Ірчынага бацькі?


3) Фізкультхвілінка.

(Дзяўчынка ў дошкі чытае верш на памяць Ніла Гілевіча, імітуе дзеянні, пра якія гаворыцца, вучні паўтараюць рухі за ёю)

Заўтра я павінна ўстаць

Раненька з зарою:

Пойдзем зёлкі мы збіраць

Людзям на здароўе.

Святаяннік, дзівасіл, сухацвет і піжму-

Каб было на лекі ўсім-

Буду рваць я ўвішна.


4) Сацыяканструкцыя (Работа ў групах)

Пасля індывідуальнай працы адбываецца групавая па вырашэнні навучальнай задачы-стварэння аднаго агульнага праекта. Вучні працуюць групамі, пісьмова запаўняюць дыдактычныя карты Дадатак 1.1; 1.2; 1.3, праекты.


Дадатак 1.1

Праект

Падрыхтуйце паводле плана свае прапановы, як зберагчы расліны, унесеныя ў Чырвоную кнігу.

  1. Услухайцеся ў надзвычай паэтычныя назвы кветак нашай краіны, якія, на жаль, ужо занесены ў Чырвоную кнігу: ... .

  2. Гэтыя назвы ім прыдумаў народ:

званочак сіні, таму што ... ; венерын чаравічак, таму што ... ;

сон-трава, таму што ... ;

  1. Сёння нас трывожыць тое, што ... .

  2. Мы лічым, што выратаваць і захаваць прыродную спадчыну можна толькі тады, калі ... .


Дадатак 2.1

Праект

Падрыхтуйце паводле плана свае прапановы пра неабходнасць захавання законаў прыроды.

  1. Прырода жыве паводле сваіх законаў: ... .

  2. У гэтыя законы не павінен умешвацца чалавек , таму што ... .

  3. Не толькі чалавек, але і кожная жывая істота мае права на ... .

  4. Мы заклікаем: людзі, не забывайцеся, што ... .


Дадатак 3.1

Праект

Падрыхтуйце паводле плана прапановы па паляпшэнні ўзаемаадносінаў чалавека і прыроды.

  1. Мы лічым, што чалавек у адносінах да прыроды павінен быць ... .

  2. Часта людзі не задумваюцца, што жывёлы і птушкі ... .

  3. Мы заклікаем усіх людзей планеты Зямля ў адносінах да прыроды быць ... , ... , ... , таму што ... .


5) Фізкультхвілінка

Змена дзейнасці для зняцця нервовага напружання (зрок). Настаўнік пад музыку прапаноўвае зрабіць гімнастыку для вачэй.


6) Сацыялізацыя (рэфлексія)

Вучні (1-2 ад кожнай групы) абараняюць свае праекты каля дошкі , пасля чаго гэтыя карткі замацоўваюцца на дошку.Усе астатнія вучні ў гэты час прыдумваюць свае заклікі ў абарону прыроды, якія можна было б памясціць на сайце ў інтэрнэце. Зачытваюць іх.

Настаўнік гаворыць, што гэты ўрок-першы крок у барацьбе падлеткаў за будучыню планеты, што сёння вучні асэнсавалі значнасць экалагічнай праблемы і ўсвядомілі: кожны цывілізаваны чалавек павінен актыўна ўдзельнічаць у захаванні прыроды для сваіх дзяцей і ўнукаў.

(пытанні вучням)-- Як вы разумееце сэнс слова «гуманізм»? Якое дачыненне яно мае да тэмы нашага ўрока?

Падвядзенне вынікаў працы, выстаўленне адзнак.

7) Дамашняе заданне.

Падабраць вершы беларускіх паэтаў на экалагічную тэму.



 
 
X

Чтобы скачать данный файл, порекомендуйте его своим друзьям в любой соц. сети.

После этого кнопка ЗАГРУЗКИ станет активной!

Кнопки рекомендации:

загрузить материал